Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 9

1. І, праходзячы міма, (Ісус) угледзіў чалавека, сьляпога ад нараджэньня. 2. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: Раббі! хто саграшыў: ён, ці бацькі ягоныя, што народжаны сьляпым? 3. Адказаў Ісус: ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб выяўлены былі ў ім Чыны Боскія. 4. Мне належыць рабіць Чыны Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзе ноч, калі ніхто ня мόжа рабіць. 5. Пакуль Я ў сьвеце, Я ёсьць Сьвятло сьвету. 6. Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, і зрабіў ізь сьліны (і зямлі) мешанίну, і памазаў (гэтай) мешанίнай вочы сьляпому, 7. і сказаў яму: пайдзі, умыйся ў купальні Сылаам, што перакладаецца Пасланы. Тады (ён) пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відушчы. 8. Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: ці ня тόй гэта, што сядзеў і жабраваў? 9. Іншыя казалі: гэта ён, а іншыя — падобны да яго; ён казаў: (гэта) я. 10. Тады  (яны) казалі яму: як былі адчынены вочы твае? 11. Адказаў ён і сказаў: Чалавек, называны Ісусам, зрабіў мешанίну і памазаў мае вочы, і сказаў мне: пайдзі ў купальню Сылаам і ўмыйся. А пайшоўшы і ўмыўшыся, (я) стаў бачыць. 12. Тады (яны) сказалі яму: дзе Ён ёсьць? Кажа (ён): ня вéдаю. 13. Вядуць яго да хварысэяў, (гэтага) некалі сьляпога. 14. А была субота, калі Ісус зрабіў мешанίну і адчыніў яму вочы. 15. І вось ізноў пыталіся ў яго такжа хварысэі, як (ён) стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: мешанίну  паклаў Ён  на  вочы  мае,  і  (я)  ўмыўся  і бачу. 16. Тады некаторыя із хварысэяў казалі: Гэты Чалавек не ад Бόга, бо не спаўняе суботы. Другія казалі: як можа чалавек грэшны  рабіць  вось  гэткія цуды? І быў падзел паміж імі. 17. Кажуць (яны) сьляпому ізноў: што кажаш аб Ім ты, што Ён  адчыніў  табе вочы? Той жа сказаў: Ён ёсьць Прарок. 18. Тады не павéрылі жыды адносна яго, што (ён) быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не паклίкалі бацькоў (таго) самага, што стаў бачыць. 19. І спыталі (яны) іх, кажучы: ці гэта сын ваш, (пра) якога вы кажаце, што (ён) нарадзіўся сьляпы? Як жа (ён) цяпер бачыць? 20. Адказалі ім бацькі ягоныя і сказалі: (мы) ведаем, што ён сын наш, і што (ён) нарадзіўся сьляпы; 21. а як цяпер бачыць — ня вéдаем, альбо хто адчыніў яму вочы — мы ня вéдаем; сам ён дарослы, самога спытайцеся, сам пра сябе скажа. 22. Гэтае сказалі бацькі ягоныя, бо баяліся жыдоў, бо жыды ўжо згаварыліся, каб калі хто вызнаў Яго за Хрыста, (таго) адлучаць ад сынагогі. 23. Дзеля гэтага бацькі ягоныя сказалі: (ён) дарослы, яго самога запытайце. 24. І вось паклікалі ў другі раз чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ведаем, што Чалавек Гэты — грэшнік. 25. Ён жа адказаў і сказаў: ці Ён ёсьць грэшнік, ня вéдаю,  адно  ведаю, што быўшы сьляпы, цяпер (я) бачу. 26. Ска-залі ж яму ізноў: што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў табе вочы? 27. Адказаў ім: (я) ўжо сказаў вам, і (вы) ня слýхалі; што больш таго хочаце чуць? Няўжо і вы хочаце стацца Ягонымі вучнямі? 28. Тады (яны) вылаялі яго і сказалі: ты ёсьць вучань Ягоны, мы ж ёсьць Масеявы вучні. 29. Мы ведаем, што Бог гаварыў Масею; Гэтага ж ня вéдаем, адкуль Ён ёсьць. 30. Адказаў чалавек гэты і сказаў ім: гэта й дзіўна, што вы ня вéдаеце, адкуль Ён ёсьць, а Ён адчыніў мне вочы;  31. а (мы) ведаем, што грэшнікаў Бог ня слýхае, але калі хто багабойлівы і Волю Ягоную робіць, таго Ён слухае. 32. Ад веку ня чувáна было, каб хто адчыніў вочы сьляпому ад нараджэньня. 33. Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мόг бы рабіць нічога.  34. Адказалі (яны) і сказалі яму: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? І выгналі яго вон. 35. Ісус пачуў, што выгналі яго вон, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: ты верыш у Сына Божага? 36. Адказаў ён і сказаў:  хто  Ён  ёсьць,  Госпадзе,  каб  (я)  уверыў у Яго? 37. Сказаў жа яму Ісус: і (ты) бачыў Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, (гэта) ёсьць Ён. 38. Ён жа сказаў: веру, Госпадзе! і пакланіўся Яму. 39. І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нябачучыя — бачылі, а відучыя — сталіся сьляпымі. 40. І пачулі гэтае (некаторыя) з хварысэяў, што былі зь Ім, і сказалі Яму: няўжό і мы ёсьць сьляпыя? 41. Сказаў ім Ісус: калі б (вы) былі сьляпыя, ня мелі бы грэху; цяпер жа (вы) кажаце: (мы) бачым. І вось грэх ваш застаецца.

Добавить комментарий