Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 11

1. Быў жа адзін хворы Лазар ізь Віхвані, ізь сяла Марылі й Марты, сястры ейнай. 2. Была ж Марыля тая, што памазала Госпада мірам і выцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі, чый брат Лазар быў  хворы.  3.  І  вось  сёстры  паслалі  да  Яго,  кажучы:  Госпадзе!  вось  той,  каго Ты любіш, хворы. 4. Пачуўшы ж Ісус сказаў: гэтая хвароба не на сьмéрць, але на  Славу Боскую, каб услаўлены быў празь яе Сын Божы. 5. Ісус жа любіў (Боскай любоўю) Марту і сястру яе, і Лазара. 6. Калі ж Ён пачуў, што (той) хворы, тады застаўся на тым мейсцы, дзе быў, два дні. 7. Тады, пасьля гэтага Ён кажа вучням: пойдзем ізноў у Юдэю. 8. Кажуць Яму вучні: Раббі! але юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды? 9. Ісус адказаў: (ці) не дванáццаць гадзінаў ёсьць у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкáецца, бо бачыць сьветласьць гэтага сьвету; 10. а калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо Сьвятла нямá ў ім. 11. Гэтае Ён сказаў ім і пасьля гэтага кажа: Лазар, друг наш, заснуў, але Я йду, каб разбудзіць яго. 12. Тады сказалі вучні Ягоныя: Госпадзе! калі заснуў, будзе здаровы. 13. Але Ісус сказаў пра сьмерць ягоную; яны ж думалі, што Ён кажа пра супачынак у сьне. 14. І вось тады Ісус сказаў ім проста: Лазар памёр; 15. і Я рады за вас, каб (вы) паверылі, бо Я ня быў там; але пойдзем да яго. 16. Сказаў тады Хама, званы Блізьнюк, сябрам-вучням: пойдзем і мы, каб памерці зь Ім. 17. І вось, прыйшоўшы, Ісус знайшоў яго ўжо чатыры дні, (як) знаходзіцца ў магіле. 18. Была ж Віхваня блізка (ад) Ярузаліму, каля пятнаццаці стадыяў. 19. І многія зь юдэяў прыйшлі да Марты й Марылі, каб суцешыць іх па браце іхным. 20. Тады Марта, як пачула, што йдзе Ісус, выйшла насустрэчу Яму. Марыля ж сядзела ў доме. 21. Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзе! каб Ты быў тут, брат мой не памёр бы. 22. Але і цяпер (я) ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог. 23. Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.     24. Марта кажа Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ў (дзень) уваскрасеньня, у апошні дзень.   25. Ісус сказаў ёй: Я ёсьць Уваскрасеньне і Жыцьцё; хто верыць у Мяне, хоць бы (і) памёр, жыць будзе. 26. І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ ніколі. (Ці) верыш гэтаму? 27. Яна кажа Яму: так, Госпадзе! Я веру, што  Ты ёсьць Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзе ў сьвет. 28. І, гэтае сказаўшы, (яна) пайшла і паклікала Марылю, сястру сваю, цішком сказаўшы (ёй): Настаўнік прыйшоў і кліча цябе. 29. Яна, як толькі пачула, борзда ўстае і йдзе да Яго. 30. Бо яшчэ ня прыйшόў Ісус у сяло, але быў на тым мейсцы, дзе Марта сустрэла Яго. 31. Юдэі ж, што былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, бачучы, што Марыля борзда ўстала й выйшла, пайшлі за ёю, кажучы: (яна) йдзе на магілу, каб плакаць там. 32. А Марыля, як прыйшла (туды), дзе быў Ісус, (і) угледзіўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: Госпадзе! каб Ты быў тут, не памёр бы мой брат.    33. Ісус жа, як угледзіў яе, (што) плача і прыйшоўшых разам зь ёю юдэяў, (што) плачуць, Сам затужыў духам і глыбока расчуліўся, 34. ды сказаў: дзе (вы) паклалі яго? кажуць Яму: Госпадзе! пайдзі й паглядзі. 35. Ісус заплакаў. 36. Казалі тады юдэі: глядзі, як Ён любіў яго. 37. А некаторыя зь іх сказалі: ці ня мόг Ён, Які расчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты ня ўмёр? 38. Ісус жа, ізноў тужачы Сам у Сабе, прыходзе да магілы; была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. 39. Кажа Ісус: вазьміце камень! Кажа Яму сястра памерлага Марта: Госпадзе, ужо (ён) сьмярдзіць, бо (ўжо) чацьверты дзень. 40. Кажа ёй Ісус: ці не сказáў Я табе, што, калі ўверыш, угледзіш Славу Боскую? 41. І вось узялі камень, дзе быў ляжаў нябожчык. Ісус жа ўзьвёў вочы да Вышыні і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. 42. Я ж ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля людзей, што стаяць навакол, каб уверылі, што Ты паслаў Мяне. 43. І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасом: Лазар! выйдзі сюды! 44. І выйшаў памерлы, зьвязáны палатном (па) нагах і руках, і аблічча ягонае было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжыце яго і дайце хадзіць. 45. Тады многія зь юдэяў, што прыйшлі да Марылі і ўбачылі, што ўчыніў Ісус, уверылі ў Яго. 46. А некаторыя зь іх  пайшлі  да  хварысэяў  і  сказалі  ім,  што  ўчыніў  Ісус. 47. Тады архірэі й хварысэі склікалі раду і казалі: што нам рабіць? бо Гэты Чалавек робіць шмат цудаў. 48. Калі пакінем Яго гэтак, (дык) усе ўвераць у Яго, і прыйдуць рымляне  і  забяруць  нас  і  мейсца  гэтае,  і  народ гэты. 49. Адзін жа зь іх, нехта Каяхва, будучы ў той год архірэем, сказаў ім: вы ня вéдаеце нічога, 50. і не падýмаеце, што лепей нам, каб адзін чалавек памёр за гэты народ, а ня ўвéсь гэты народ загінуў. 51. Гэтае ж (ён) сказаў не ад сябé, але, будучы ў той год архірэем, прарочыў, што Ісусу належыць памерці за гэты народ, 52. дый ня тόлькі за гэты народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Боскіх Яму сабраць у вадно. 53. І вось ад гэтага дня (яны) змовіліся, каб забіць Яго. 54. Пагэтаму Ісус ужо не хадзίў яўна між юдэямі, але пайшоў адтуль да краіны ля пустэльні, да места званага Эпраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. 55. Была ж блізка Пасха жыдоўская, і шмат хто з краіны ўзыйшлі ў Ярузалім перад Пасхай, каб (ім) ачысьціцца. 56. І вось шукалі Ісуса і размаўлялі між сабою, стоючы ў Сьвятыні: што вы думаеце, (ці) ня прыйдзе Ён на сьвята? 57. Далі ж і архірэі і хварысэі загад, каб, калі хто даведаўся бы, дзе Ён ёсьць, данёс бы, каб (ім) схапіць Яго.

Добавить комментарий