Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 7

1. І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацéў па Юдэі хадзіць, бо юдэі шукалі забіць Яго. 2. Было ж блізка жыдоўскае сьвята — Кучкі. 3. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеяньні Твае, якія Ты робіш. 4. Бо ніхто ня рόбіць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі Ты робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету; 5. бо і браты Ягоныя ня вéрылі ў Яго. 6. Тады кажа ім Ісус: Мой час яшчэ ня прыйшόў, ваш жа час заўсёды ёсьць гатовы; 7. сьвет ня мόжа вас ненавίдзіць, а Мяне ненавίдзіць, бо Я сьведчу аб ім, што ўчынкі ягоныя — благія. 8. Вы ўзыходзьце на гэтае сьвята, Я яшчэ ня ўзыхόджу на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня спόўніўся. 9. І, сказаўшы гэтае ім, Ён заставаўся ў Галілеі. 10. Але як узыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён узыйшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам патаемна. 11. Жыды ж шукалі Яго на сьвяце і казалі: дзе Ён ёсьць? 12. І шмат спрэчак было дзеля Яго сярод людзей: адны казалі, што Ён добры,  а другія казалі: не, але зводзіць народ. 13. Аднак ніхто  не  гаварыў  аб  Ім  яўна з-за страху перад жыдамі. 14. Але ўжо ў палове сьвята ўзыйшоў Ісус у Сьвятыню і навучаў. 15. І дзівіліся жыды, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся? 16. Адказаў ім Ісус і сказаў: Маё Вучэньне ёсьць не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне; 17. калі хто хоча Волю Ягоную рабіць, (той) даведаецца аб Гэтым Вучэньні, ці ад Бога Яно, ці Я Сам ад Сябе кажу. 18. Той, хто сам ад сябе гаворыць, шукае славы сваёй, а Той, Хто шукае Славы Таго, Хто паслаў Яго, Той ёсьць Праўдзівы і няма ў Ім няпраўды. 19. Ці ня даў вам Масей Закону? і ніхто з вас ня жывé па Закону. Чаму шукаеце забіць Мяне? 20. Адказалі людзі і сказалі: Ты дэмана маеш; хто шукае забіць Цябе? 21. Адказаў Ісус і сказаў ім: адну Дзею зрабіў Я, і ўсе (вы) дзівуецеся; 22. дзеля гэтага Масей даў вам абразаньне; не тамý, што яно ад Масея ёсьць, але ад бацькоў, і ў суботу (вы) абразаеце чалавека; 23. калі чалавек прымае абразаньне ў суботу, каб ня быў парушаны Закон Масеяў, (чаму на) Мяне злуецеся, што Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу? 24. Ня судзίце паводле выгляду, але судзіце судом справядлівым. 25. Тады некаторыя зь ярузалімцаў казалі: ці ня Ён ёсьць Той, Якога шукаюць забіць? 26. І вось Ён кажа яўна, і нічога ня кáжуць Яму: можа быць запраўды прызналі начальнікі, што Ён запраўды ёсьць Хрыстос? 27. Але Яго (мы) ведаем, адкуль Ён ёсьць; Хрыстос жа, калі прыйдзе, ніхто ня бýдзе ведаць, адкуль Ён ёсьць. 28. Тады крычаў Ісус у Сьвятыні, навучаючы і кажучы: і Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я ёсьць, і Я прыйшоў ня Сáм ад Сябе, але Праўдзівы ёсьць Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы ня вéдаеце; 29. а Я ведаю Яго, бо ад Яго Я ёсьць, і Ён паслаў Мяне. 30. І вось шукалі схапіць Яго, але ніхто не паклáў на Яго рукί, бо яшчэ ня прыйшόў час Ягоны. 31. Многія ж зь людзей уверылі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо зробіць  больш   цудаў   (чым)  тыя,  каторыя  Ён зрабіў?  32. Пачулі хварысэі людзей, (якія) гавораць пра Яго гэта цішком, і паслалі хварысэі й архірэі слуг, каб схапілі Яго. 33. Тады Ісус сказаў ім: яшчэ малы час Я ёсьць з вамі, і Я йду да Таго, Хто паслаў Мяне. 34. Будзеце шукаць Мяне, і не знахόдзіць,  і дзе Я ёсьць, (туды) вы ня мόжаце прыйсьці. 35. Тады сказалі жыды паміж сабою: куды Ён зьбіраецца йсьці, што мы ня знόйдзем Яго? Ці не да грэцкага расьцярушэньня  Ён  зьбіраецца  йсьці  і  вучыць  грэкаў? 36. Што ёсьць гэтае Слова, якое Ён сказаў: будзеце шукаць Мяне і не знахόдзіць, і дзе Я ёсьць, (туды) вы ня мόжаце прыйсьці. 37. У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і крычаў, кажучы: калі хто сьмягне, ідзі да Мяне і пі. 38. Хто верыць у Мяне, (у таго) як сказала Пісаньне, з нутра ягонага пацякуць рэкі Вады Жывой. 39. А гэтае сказаў Ён аб Духу, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго; бо яшчэ ня быў  Дух  Сьвяты  (на іх), бо Ісус яшчэ ня быў услаўлены. 40. Тады многія зь людзей, пачуўшы гэтае слова, казалі: Ён ёсьць запраўды Прарок. 41. Другія казалі: Ён ёсьць Хрыстос. А іншыя казалі: ці запраўды з Галілеі прыходзе Хрыстос? 42. Ці не сказала Пісаньне, што ад насеньня Давідавага і з Бэтлеему, сяла, дзе быў Давід, Хрыстос прыходзе?  43. Тады  з-за  Яго  ў  людзей стаўся падзел. 44. Некаторыя ж зь іх хацелі ўхапіць Яго, але ніхто ня ўсклáў на Яго рýкі. 45. Тады вярнуліся слугі да архірэяў і хварысэяў, і  тыя  сказалі  ім:  чаму  (вы) не прывялί Яго? 46. Слугі адказалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.  47. Тады хварысэі адказалі ім: няўжо і вы зьведзены? 48. Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў альбо з хварысэяў? 49. Але людзі гэтыя, што ня вéдаюць Закону, праклятыя яны. 50. Кажа ім Мікадым, што прыходзіў да Яго ўначы, будучы адзін ізь іх: 51. ці судзіць Закон наш чалавека, калі перш ня выслухае яго і не давéдаецца, што (ён) робіць? 52. Адказалі і сказалі яму: ці і ты не з Галілéі? Пашукай і пабач, што прарок із Галілеі не паўставáў. 53. І пайшоў кожны ў дом свой.

Добавить комментарий