Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 5

1. Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і ўзыйшоў Ісус у Ярузалім. 2. Ёсьць жа ў Ярузаліме ля авечай брамы купальня, што завецца па жыдоўску Бэтэзда, (што) мае пяць паветак (на стаўбах). 3. Пад імі ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, ссохлых, (якія) чакалі руху вады; 4. бо ангел (Госпадаў) час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і вось, хто першы ўваходзіў (у яе) пасьля ўскаламучаньня вады, (той) здаравеў, (на) якую б хваробу (ён) ні хварэў. 5. Быў жа там нейкі чалавек, што быў у хваробе трыццаць восем гадоў. 6. Ісус, угледзіўшы яго, (што) ляжыць і даведаўшыся, што (ён) ужо даўгі час мае (хваробу), кажа яму: (ці) хочаш стацца здаровым? 7. Хворы адказаў Яму: Госпадзе, ня мáю чалавека, каб спусьціў мяне ў купальню, калі ўскаламуціцца вада; калі ж я прыходжу, другі (ўжо) зыходзіць прада мною. 8. Кажа яму Ісус: устань, вазьмі пасьцелю тваю і хадзі. 9. І (ў) тую ж часіну стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў пасьцелю сваю і пайшоў. Была ж субота ў той дзень. 10. Казалі тады жыды аздароўленаму: (сёньня) — субота, не дазвόлена табе браць пасьцелю. 11. (Ён) адказаў ім: Той, Хто зрабіў мяне здаровым, Ён мне сказаў: вазьмі пасьцелю тваю і хадзі. 12. Тады  (яны)  спыталіся  ў  яго:  Хто  ёсьць  Гэны Чалавек,  што сказаў табе: вазьмі пасьцелю тваю і хадзі? 13. Аздароўлены ж ня вéдаў, хто Ён ёсьць, бо Ісус адыйшоўся  (ад)  людзей,  што  былі  ў  тым  мейсцы.   14. Пасьля гэтага знаходзе яго Ісус у Сьвятыні і сказаў яму: вось, (ты) стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня стáлася табе нешта горшае. 15. Чалавек гэны пайшоў і расказаў жыдам, што Ісус ёсьць Той, Хто аздаравіў яго. 16. І за гэта сталі гнаць жыды Ісуса і шукалі забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу. 17. Ісус жа адкáзаваў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю. 18. За гэта яшчэ больш шукалі жыды забіць Яго, бо Ён ня тόлькі ламаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, раўняючы Сябе да Бога. 19. Адкáзаваў тады Ісус і сказаў ім: Праўду, Праўду кажу вам: Сын нічога ня мόжа рабіць (Сам) ад Сябе, калі ня бáчыць, што робіць Айцец, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама. 20. Бо Айцец любіць Сына і пакáзуе Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму Дзеяньні большыя (за) гэтыя, ажно вы дзівавацца будзеце. 21. Бо як Айцец ускрашае памерлых і ажыўляе (іх), так і Сын ажыўляе, каго хоча. 22. Бо Айцец і ня сýдзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,  23. каб усе паважалі Сына, як паважаюць Айца. Хто не паважáе Сына, не паважáе (і) Айца, Які паслаў Яго. 24. Праўду, Праўду кажу вам: хто слухае Слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, мае Жыцьцё Вечнае і на суд ня прыхόдзіць, але перайшоў ад сьмерці ў Жыцьцё. 25. Праўду, Праўду кажу вам: прыходзіць час і цяпер (ён ужо) ёсьць, калі ўмершыя пачуюць Голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць. 26. Бо як Айцец мае Жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў Жыцьцё мець у Самым Сабе; 27. і даў Яму ўладу й суд рабіць, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы. 28. Ня дзівýйцеся гэтаму, бо прыходзіць час, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць Голас Ягоны, 29. і выйдуць тыя, што добрае рабілі, на ўскрасеньне Жыцьця, а тыя, што благое рабілі, на ўскрасеньне асуджэньня. 30. Я нічога не магý рабіць Сам ад Сябе; як чую, (так і) суджу, і Суд Мой — справядлівы, бо ня шукáю  Маёй волі, але Волі Таго, Хто паслаў Мяне, Айца. 31. Калі Я сьведчу Сам аб Сабе, (то) Сьведчаньне Маё ня ёсьць Праўдзівае. 32. Ёсьць Іншы, Які сьведчыць аба Мне, і Я ведаю, што Праўдзівае ёсьць тое Сьведчаньне, якім Ён сьведчыць аба Мне. 33. Вы пасылалі да Яана, і ён засьведчыў пра Праўду. 34. Я ж не ад чалавéка прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі выратаваны. 35. Ён быў сьветач, які гарэў і сьвяціў, а вы захацелі часіну пацешыцца пры сьвятле ягоным. 36. Я ж маю Сьведчаньне большае за Яанавае, бо Дзеяньні, што даў Мне Айцец, каб Я скончыў іх, самыя гэтыя Дзеяньні, што Я раблю, сьведчаць аба Мне, што Айцец паслаў Мяне. 37. І Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў аба Мне. (А) вы ані Голасу Ягонага ніколі ня чýлі, ані Аблічча Ягонага ня бáчылі; 38. і ня мáеце Слова Ягонага, прабываючы ў вас, бо Каго паслаў Ён, Таму вы ня вéрыце. 39. Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь Іх Жыцьцё Вечнае мець, і Яны ёсьць тыя, што сьведчаць аба Мне.    40. Але (вы) ня хόчаце прыйсьці да Мяне, каб мець Жыцьцё. 41. Славы ад людзей Я не бярý, 42. але пазнаў вас: любові да Бога ня мáеце ў сабе. 43. Я прыйшоў у Імя Айца Майго, і ня прыймáеце Мяне, калі б іншы прыйшоў у імя сваё, таго прыймеце. 44. Як вы можаце паверыць, славу адзін ад аднаго прыймаючы, а Славы, што ад Адзінага Бога, ня шукáеце? 45. Ня дýмайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць той, што вінаваціць вас, Масей, на якога вы спадзяецёся. 46. Бо калі б (вы) верылі Масею, (то) верылі б (і) Мне, бо ён напісаў аба Мне. 47. Калі ж ягоным Пісаньням ня вéрыце, як Маім Словам паверыце?

Добавить комментарий