Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 2

1. І трэцяга дня было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісусава была тамака. 2. Запрошаны быў таксама й Ісус і вучні Ягоныя на вясельле. 3. І, як не хапίла віна, маці Ісусава кажа Яму: віна ня мáюць. 4. Кажа ёй Ісус: што Мне і табе, жанчына? Яшчэ ня прыйшόў час Мой. 5. Маці Ягоная кажа слугам: што б Ён вам ні сказаў, зрабіце. 6. Было ж тамака шэсьць каменных судзінаў для вады, (што) стаялі дзеля жыдоўскага ачышчэньня (і) зьмяшчалі па дзьве ці тры меры. 7. Кажа ім Ісус: напоўніце судзіны вадою. І напоўнілі іх да верху. 8. І кажа ім: чэрпайце цяпер і нясеце да маршалка. І панесьлі. 9. Калі ж маршалак пакаштаваў вады, стаўшай віном, а (ён) ня вéдаў, скуль (яно) ёсьць, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — маршалак кліча маладога 10. і кажа яму: кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты (ж) добрае віно захаваў дагэтуль. 11. Так Ісус зрабіў пачатак Цудам у Кане Галілейскай і выявіў Славу Сваю, і ўверылі ў Яго вучні Ягоныя. 12. Пасьля гэтага зыйшоў Ён да Капэрнавуму, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і тамака заставаліся няшмáт дзён. 13. І была блізка Пасха жыдоўская, і ўзыйшоў Ісус да Ярузаліму; 14. і знайшоў у Сьвятыні прадаючых быкоў і авечак, і галубоў, і сядзелі мянялы (грошай). 15. І, зрабіўшы зь вяровак плётку, выгнаў усіх са Сьвятыні, і авечак, і быкоў, ды мянялам грошы рассыпаў і сталы (іхныя) абярнуў; 16. і сказаў прадаючым галубоў: забярыце гэтае адгэтуль: не рабеце Дому Айца Майго домам гандлю. 17. І прыпомнілі вучні Ягоныя, што напісана: руплівасьць Дома Твайго зьядае Мяне (Пс.69,10). 18. Тады адказалі жыды і сказалі Яму: які знак нам пакажаш, што гэтае робіш? 19. Ісус адказаў і сказаў ім: зруйнуйце Гэтае Сьвяцілішча, і Я ў тры дні адбудую Яго. 20. Тады жыды сказалі: сорак шэсьць гадоў будавалася гэтая Сьвятыня, і Ты ў тры дні адбудуеш яе? 21. Ён жа гаварыў пра Сьвяцілішча Цела Свайго. 22. Калі ж Ён быў уваскрошаны зь мёртвых, прыпомнілі вучні Ягоныя, што Ён казаў ім гэтае, і паверылі Пісаньню і Слову, якое сказаў Ісус. 23. Калі ж Ён быў у Ярузаліме на сьвята ў Пасху, многія паверылі ў Імя Ягонае, бачучы Цуды Ягоныя, якія Ён рабіў. 24. Але Сам Ісус не давярáўся ім, бо Ён ведаў усіх 25. і таму ня мéў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.

Добавить комментарий