Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 8

1. Ісус жа пайшоў на гару Аліўную. 2. А рана нараніцы ізноў прыйшоў Ён у Сьвятыню, і ўвесь народ прыходзіў да Яго; і, сеўшы, Ён навучаў іх. 3. Прыводзяць жа кніжнікі і хварысэі да Яго жанчыну, (якую) злавілі на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне, 4. кажуць Яму: Настаўнік, гэтая жанчына была злоўлена на ўчынку чужалоства, 5. а ў Законе Масей загадаў нам гэткіх пабіваць каменьнем. А што скажаш Ты? 6. Гэтае ж (яны) казалі, спакушаючы Яго, каб мець (падставу) абвінаваціць Яго. Але Ісус, нахіліўшыся долу, пісаў пальцам на зямлі. 7. Калі ж (яны) доўжылі (ў) Яго дапытавацца, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: хто бязгрэшны (сярод) вас, першы няхай кіне камень у яе. 8. І зноў, нахіліўшыся долу, Ён пісаў на зямлі. 9. Яны ж, пачуўшы і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшых аж да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, стоячы перад (Ім). 10. Выпрастаўшыся ж Ісус і нікога ня ўбáчыўшы, апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе ёсьць тыя, абвінавальнікі твае? Ніхто не асудзίў цябе? 11. Яна ж сказала: ніхто, Госпадзе! І сказаў ёй Ісус: і Я цябе не асуджваю: ідзі і больш не грашы. 12. Ізноў тады Ісус прамовіў ім, кажучы: Я ёсьць Сьвятло сьвету, хто ідзе за Мною, ня бýдзе хадзіць у цемры, але меціме Сьвятло Жыцьця. 13. Тады хварысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, Сьвядоцтва Тваё не Праўдзίвае. 14. Адказаў Ісус і сказаў ім: нават калі Я сьведчу Сам пра Сябе, Сьвядоцтва Маё ёсьць Праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды йду, а вы ня вéдаеце, скуль Я прыходжу і куды йду. 15. Вы паводле цела судзіце; Я ня суджý нікога. 16. А калі і суджу Я, Суд Мой ёсьць Праўдзівы, бо Я ёсьць не адзίн, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне. 17. А і ў Законе ж вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек ёсьць праўдзівае. (Другазак.19,15) 18. Я ёсьць Той, Хто сьведчыць Сам аб Сабе,  і  сьведчыць  аба  Мне  Айцец,  Які  паслаў  Мяне.  19. Тады казалі Яму: дзе Айцец Твой? Адказаў Ісус: ані Мяне (вы) ня вéдаеце, ані Айца Майго. Калі б (вы) Мяне ведалі, тады і Айца Майго ведалі б. 20. Гэтыя словы сказаў Ісус ля скарбніцы, навучаючы ў Сьвятыні, і ніхто не схапίў Яго, бо яшчэ ня прыйшόў час Ягоны. 21. Сказаў жа ізноў ім Ісус: Я адыходжу, і (вы) будзеце шукаць Мяне, і ў грэху вашым  паўміраеце. Куды Я йду, вы ня мόжаце прыйсьці. 22. Гаварылі ж жыды: ці Ён заб’е Сябе Самога, што кажа: куды Я йду, вы ня мόжаце прыйсьці? 23. І сказаў ім: вы ад нізу, Я з Вышыні; вы ад гэтага сьвету, Я не ад гэтага сьвету; 24. сказаў жа Я вам, што (вы) паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не павéрыце, што Я ёсьць (Ён), паўміраеце ў грахах вашых. 25. Тады (яны) казалі Яму: Ты Хто ёсьць? І сказаў ім Ісус: Той, Хто ад Пачатку, што і кажу вам. 26. Шмат маю аб вас гаварыць і судзіць, але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Праўдзівы, і Я што пачуў ад Яго, тое кажу сьвету. 27. Не зразумелі, што Ён гаварыў ім аб Айцу. 28. Сказаў тады ім Ісус: калі (вы) падыймеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што Я ёсьць (Ён), і (што) ад Сябе Самога не раблю нічога, але як наўчыў Мяне Айцец Мой, так кажу. 29. І Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною: Айцец не пакίнуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю, што падабаецца Яму. 30. Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўверылі ў Яго. 31. Тады казаў Ісус жыдам, што ўверылі ў Яго: калі вы астанецёся ў Слове Маім, (дык) запраўды (вы) вучні Мае. 32. І пазнаеце Праўду, і Праўда вызваліць вас. 33. (Яны) адказалі Яму: мы семя Абрагамавае, і нікому ніколі ня былί рабамі; як (жа) Ты кажаш: станецеся вольнымі? 34. Адказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху. 35. Але раб не застаéцца ў Доме вечна; Сын застаецца вечна. 36. Калі ж Сын вас вызваліць, запраўды вольнымі будзеце. 37. Ведаю, што вы семя Абрагамавае, але шукаеце Мяне забіць, бо Слова Маё не зьмяшчаецца ў вас. 38. Я абвяшчаю тое, што бачыў у Айца Майго, а вы ж робіце тое, што бачылі ў айца вашага. 39. (Яны) адказалі і сказалі Яму: айцец наш — Абрагам. Кажа ім Ісус: калі б (вы) былі дзеці Абрагамавыя, (то) рабілі б учынкі Абрагамавыя. 40. А цяпер (вы) шукаеце забіць Мяне, Чалавека, Які абвясьціў вам Праўду, якую Я пачуў ад Бога; Абрагам гэтага не рабίў. 41. Вы робіце ўчынкі айца вашага. Сказалі тады Яму: мы не з распýсты народжаны; аднаго Айца маем — Бога. 42. Тады Ісус сказаў ім: калі б Бог быў ваш Айцец, (то вы) любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сáм ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне. 43. Чаму (вы) не разумéеце мовы Маёй? Бо ня мόжаце чуць Слова Майго. 44. Вы ёсьць ад (вашага) айца, (ад) д’ябла, і (вы) хочаце выпаўняць жаданьні айца вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ў Праўдзе ня ўстόіў, бо нямá Праўды ў ім. Калі (ён) гаворыць ілжу — із свайго гаворыць, бо ён ёсьць ілгун і бацька сваёй (ілжы). 45. А як Я Праўду кажу, ня вéрыце Мне. 46. Хто з вас дакажа Мой грэх? Калі ж Я Праўду кажу, чаму вы ня вéрыце Мне? 47. Хто ёсьць ад Бога, (той) Словы Боскія слухае. Вы затым ня слýхаеце, што (вы) не ад Бόга. 48. Адказалі тады жыды і сказалі Яму: ці (ж) ня прáвільна мы кажам, што Ты ёсьць самарац, і дэмана маеш? 49. Ісус адказаў: Я ня мáю дэмана, але Я паважаю Айца Майго, а вы зьневажаеце Мяне. 50. Я ж ня шукáю Славы Маёй; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць. 51. Праўду, Праўду кажу вам: калі хто Слова Маё споўніў бы, ня ўглéдзіць сьмерці давеку. 52. Тады жыды сказалі Яму: цяпер (мы) даведаліся, што Ты дэмана маеш. Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: калі хто Слова Маё споўніў бы, не спазнáе сьмерці давеку. 53. Няўжо Ты большы (за) айца нашага Абрагама, які памёр? і прарокі памерлі: кім Ты Сябе робіш? 54. Адказаў Ісус: калі Я выслаўляю Сам Сябе, (то) Слава Мая ёсьць нішто. Ёсьць Айцец Мой, Той, Хто выслаўляе Мяне, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш. 55. І (вы) не пазнáлі Яго, а Я ведаю Яго, і калі б сказаў, што ня вéдаю Яго, (то) быў бы падобны да вас ілгун. Але Я ведаю Яго і Слова Ягонае выпаўняю.    56. Абрагам, айцец ваш, рады быў, каб бачыць Дзень Мой; і ўгледзіў і ўсьцешыўся. 57. Сказалі тады жыды Яму: Ты яшчэ пяцідзесяцёх гадоў ня мáеш, і Ты бачыў Абрагама? 58. Сказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсьць. 59. Тады ўзялі каменьні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў са Сьвятыні, прайшоўшы між імі, і гэтак прайшоў міма.

Добавить комментарий