Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 4

1. Калі ж даведаўся Госпад, што дачуліся хварысэі, што Ісус больш вучняў робіць і хрысьціць, чымся Яан, — 2. хоць Ісус Сам ня хрысьцίў, але вучні Ягоныя, — 3. Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў у Галілею. 4. Належыла ж Яму праходзіць праз Самару. 5. І вось, прыходзе Ён да места Самарскага, званага Сіхар, ля хутара, што Якуб даў сыну свайму Язэпу. 6. Была ж тамака студня Якубава. І вось затым Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля студні. Было каля шостае гадзіны.  7. Прыходзе жанчына з Самары зачэрпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне піць. 8. Бо вучні Ягоныя адыйшліся да места, каб купіць ежы. 9. Тады кажа Яму жанчына самарская: як Ты, будучы юдэям, просіш піць у мяне, жанчыны самарскай? Бо юдэі ня мáюць зносін з самарцамі. 10. Адказаў Ісус і сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто ёсьць Той, што кажа табе: дай Мне піць, ты б (сама) прасіла Яго, і Ён даў бы табе Вады Жывой. 11. Жанчына кажа Яму: Госпадзе! Ты й зачэрпнуць ня маеш (чым), а студня — глыбокая:  адкуль жа  Ты  маеш  ваду  жывую?  12. Няўжо Ты большы за айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню, і сам зь яе піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны? 13. Адказаў Ісус і сказаў ёй: кожны, хто п’е ад гэтай вады, ізноў будзе сьмягнуць;  14. хто ж будзе піць ад Вады, Якую яму дам Я, ня будзе сьмягнуць на векі, але Вада, што дам яму Я, станецца ў ім крыніцаю Вады, што цячэ ў Жыцьцё Вечнае. 15. Кажа Яму жанчына: Госпадзе! Дай мне гэтай вады, каб (мне) ня сьмягнуць і ня прыхόдзіць сюды чэрпаць. 16. Кажа ёй Ісус: пайдзі, пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды. 17. Адказала жанчына і сказала: (я) ня мáю мужа. Кажа ёй Ісус: добра (ты) сказала: мужа (я) ня мáю;  18. бо (ты) мела пяцёх мужоў, і той, якога (ты) цяпер маеш, (ён) ня ёсьць твой муж, гэта (ты) праўдзіва сказала. 19. Жанчына кажа Яму: Госпадзе! Бачу, што Ты — прарок; 20. бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ярузаліме знаходзіцца мейсца, дзе належыць пакланяцца. 21. Кажа ёй Ісус: жанчына, павер Імне, што прыходзе гадзіна, калі і не на гары гэтай, і не ў Ярузалίме будзеце пакланяцца Айцу; 22. вы пакланяецеся таму, чаго ня вéдаеце; мы пакланяемся Таму, Каго ведаем, бо збаўленьне — ад жыдоў. 23. Але настае час, (ён ужо) і цяпéр ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і Праўдзе, і таму, што Айцец шукае Сабе гэткіх пакланяючыхся. 24. Бог (ёсьць) Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, мусяць пакланяцца ў Духу і Праўдзе. 25. Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыходзе Мэсія, Які завецца Хрыстос, (і) калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё. 26. Ісус кажа ёй: Я ёсьць (Ён), што гавару з табою. 27. І ў гэты (час) прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынай, але ніводны не сказáў: чаго Ты шукаеш? альбо: аб чым Ты гаворыш зь ёю? 28. Тады жанчына пакінула пасудзіну  сваю  і  пайшла  да  места,  ды  кажа  людзям:      29. Пайдзіце сюды, паглядзіце Чалавека, Які сказаў імне ўсё, што (я) зрабіла: ці ня Хрыстόс ёсьць Ён? 30. Яны ж выйшлі зь места й пайшлі да Яго. 31. А тымчасам вучні (Ягоныя) прасілі Яго, кажучы: Раббі! еж.     32. Ён жа сказаў ім: Я маю страву есьці, якой вы ня вéдаеце. 33. Пагэтаму вучні гаварылі  між  сабою:  няўжо  ж  нехта прынёс Яму есьці? 34. Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць: каб спаўняць Волю Паслаўшага Мяне і скончыць Справу Ягоную. 35. Ці ня кáжаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, — і прыходзе жніво? Вось, Я кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, што яны ўжо ёсьць белыя да жніва. 36. І хто жне, дастае плату і зьбірае плён дзеля Жыцьця Вечнага, каб і той, (хто) сее, і той, (хто) жне, разам радаваліся. 37. Бо ў гэтым слова ёсьць праўдзівае: адзін ёсьць той, (хто) сее, а другі — той, (хто) жне. 38. Я паслаў вас жаць тое, (над) чым вы не працавáлі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхную. 39. І многа самарцаў зь места гэнага паверылі ў Яго па слову жанчыны, што сьведчыла: Ён сказаў мне ўсё, што (я) зрабіла. 40. І вось, як прыйшлі да Яго самарцы, (то) прасілі Яго застацца ў іх, і Ён заставаўся там два дні.  41. І яшчэ больш уверыла дзеля Слова Ягонага, 42. і жанчыне гэтай казалі: ужо ня дзéля твайго слова верым, бо (мы) самі чулі і ведаем, што Ён — запраўды Збаўца сьвету, — Хрыстос. 43. А цераз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею; 44. бо Сам Ісус засьведчыў, што прарок ня мáе пашаны ў сваёй бацькаўшчыне. 45. Калі ж Ён прыйшоў у Галілею, (то) галілейцы прынялі Яго, (бо) бачылі ўсё, што Ён зрабіў у Ярузаліме ў сьвята; яны ж бо прыходзілі на сьвята. 46. І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў (там) нейкі палацовец, у якога быў хворы сын у Капэрнавуме. 47. Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго, каб  Ён  зыйшоў  і  аздаравіў  сына ягонага, бо быў канаў.       48. Тады сказаў яму Ісус: калі ня ўбáчыце знакоў і цудаў, ніяк ня ўвéрыце. 49. Палацовец кажа Яму: Госпадзе! зыйдзі, перш чым дзіця маё памрэць. 50. Ісус кажа яму: ідзі, сын твой жыве. І чалавек паверыў Слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў. 51. Але ўжо, як ён зыходзіў, спаткалі яго слугі ягоныя і паведамілі, кажучы: дзіця тваё жыве. 52. Тады (ён) спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палепшала. І сказалі яму: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго. 53. І вось даведаўся бацька, што ў тую гадзіну, у якую Ісус сказаў яму: сын твой жыве. І ўверыў сам і ўвесь дом ягоны.       54. Гэта йзноў другі Знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы зь Юдэі ў Галілею.

Добавить комментарий