Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 19

1. Дык тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго. 2. І жаўнеры, сьплёўшы карону зь церня, узьдзелі Яму на Галаву і апранулі Яму пурпуровы плашч  3. і казалі: радуйся, Кароль жыдоўскі! і білі Яго па Абліччу.  4. Дык Пілат ізноў выйшаў і кажа ім: вось (я) выводжу Яго да вас, каб (вы) ведалі, што (я) не знахόджу ў Ім ніякае віны. 5. Тады выйшаў Ісус у цярнёвай кароне і ў пурпуровым плашчу. І кажа ім (Пілат): вось Чалавек! 6. Як жа ўбачылі Яго архірэі і слугі (іхныя), закрычалі, кажучы: укрыжуй Яго, укрыжуй! Пілат кажа ім: вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знахόджу ў Ім (ніякае) віны. 7. Адказалі яму жыды: мы маем Закон, і па Закону нашаму Ён мусіць памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым. 8. Як жа Пілат пачуў гэтае слова, (ён) яшчэ больш спужаўся. 9. І зноў увайшоў у прэторыю і кажа Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус не адказáў Яму (нічога). 10. Дык Пілат кажа Яму: Ты са мной не гавόрыш? Ці ня вéдаеш, што маю ўладу ўкрыжаваць Цябе і маю ўладу звольніць Цябе? 11. Ісус адказаў: (ты) ня мéў бы ніякае ўлады нада Мною, калі б табе ня былό дадзена з Вышынί; пагэтаму той, хто выдаў Мяне табе, мае грэх большы.12. Адгэтуль Пілат шукаў звольніць Яго. Жыды ж крычалі, кажучы: калі звольніш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябé каралём, супрацьстаіць кесару. 13. Тады Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса вон і сеў на крэсла судзьдзі, на мейсца, што завецца Літόстратон, а па жыдоўску Гаўвата. 14. Была ж параскева (да) Пасхі, і каля шостае гадзіны. І кажа (Пілат) жыдам: вось Кароль ваш! 15. Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: укрыжаваць Караля вашага? Архірэі адказалі: ня мáем (мы) караля, акрамя кесара. 16. Дык тады (ён) аддаў Яго ім, каб быў укрыжаваны. І ўзялί Ісуса і павялі. 17. І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на мейсца, што завецца (мейсца) Чэрапу, што пажыдоўску называецца Галгота, 18. дзе Яго ўкрыжавалі і зь Ім двух іншых абапал Яго, а ў сярэдзіне Ісуса. 19. Пілат жа напісаў і надпіс і паставіў на крыжу. Было ж напісана: Ісус Назарэй, Кароль жыдоўскі. 20. І гэты надпіс чыталі шматлікія з жыдоў, бо блізка (ад) места было тое мейсца, дзе быў укрыжаваны Ісус, дый напісана было пажыдоўску, (і) пагрэцку, (і) парымску. 21. Дык казалі архірэі жыдоўскія Пілату: ня пішы: Кароль жыдоўскі, але што Ён сказаў: Я ёсьць Кароль жыдоўскі. 22. Пілат адказаў: што (я) напісаў, (тое) напісаў. 23. Жаўнеры ж, як укрыжавалі Ісуса, узялі вопратку Ягоную і зрабілі чатыры часткі — кожнаму жаўнеру частка, дый хітон; быў жа хітон ня шыты, (але) увесь вытканы ад верху. 24. Дык сказалі адзін аднаму: ня бýдзем разьдзіраць яго, але кінем жэрабя на яго: чый будзе; каб споўнілася (сказанае) ў Пісаньні, што гаворыць: падзялілі вопратку Маю між сабою і аб рызе Маёй жэрабя кідалі. Вось так учынілі гэтае жаўнеры (Пс.22,19). 25. Стаялі ж ля крыжа Ісусавага маці Ягоная і сястра маткі Ягонай, Марыля Кляόпава, і Марыля Магдаліна. 26. Ісус жа, угледзіўшы матку (Сваю) і вучня, (што) стаіць побач, якога Ён любіў, кажа матцы Сваёй: жанчына! вось сын твой. 27. Пасьля кажа вучню: вось маці твая. І з таго часу вучань гэты ўзяў яе да сябе. 28. Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, кажа: піць хачу! 29. Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Яны ж, набраўшы воцату губкай і ўзьдзеўшы (яе) на (сьцяблίну) гізопу, паднялі да вуснаў Ягоных. 30. Як жа Ісус узяў воцату, Ён сказаў: Збылося! і, нахіліўшы галаву, аддаў Дух. 31. А як была параскева, дык жыды, каб не пакίнуць целаў на крыжу ў суботу, — бо той дзень суботні быў вялікі, — папрасілі Пілата, каб перабіць у іх галёнкі і зьняць (іх). 32. Дык прыйшлі жаўнеры і ў першага  перабілі  галёнкі,  і  ў  другога,  укрыжаванага зь Ім. 33. Прыйшоўшы ж да Ісуса, як убачылі, што Ён ужо памёр, не перабίлі ў Яго Галёнак; 34. але адзін із жаўнераў дзідаю прабіў Яму Бок, і ўраз жа выцякла Кроў і Вада. 35. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьвядόцтва ягонае — праўдзівае; і ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі. 36. Бо гэтае сталася, каб збылося Пісаньне: Костка Ягоная ня бýдзе пераломлена (Вых.12,46). 37. Дый ізноў другое (мейсца) Пісаньне гаворыць: будуць глядзець на Таго, Каго прабілі (Захар.12,10). 38. І пасьля гэтага Язэп, што з Арыматэі, будучы вучнем Ісуса, але тайным з-за страху перад жыдамі, папрасіў Пілата, каб узяць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Дык (ён) прыйшоў і ўзяў Цела Ісусава. 39. Прыйшоў таксама й Мікадым, — што прыходзіў раней да Ісуса ўначы, — нясучы  мешанίну   са   сьмірны   і   алёэ   хунтаў  каля  ста. 40. Тады ўзялі яны Цела Ісусава і абярнулі Яго ў ільняныя палотны  з  пахнідламі,  як ёсьць звычай хаваць у жыдоў. 41. Быў жа сад на тым мейсцы, дзе Ён быў укрыжаваны, і ў тым садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны. 42. Пагэтаму тутака, па прычыне (дня) жыдоўскай параскевы, палажылі Ісуса, бо магіла была блізка.

Добавить комментарий