Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 12

1. І вось Ісус за шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў у Віхваню, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён ускрасіў зь мёртвых. 2. І вось там Яму прыгатавалі вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў  адным  із  супачываючых  зь Ім за сталом. 3. Марыля ж, узяўшы хунт дарагой чыстай нардовай масьці, памазала Ногі Ісусавы і выцерла валасамі сваімі Ногі Ягоныя, і дом напоўніўся пахам ад масьці. 4. Тады кажа адзін із вучняў Ягоных Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся Яго прадаць: 5. чаму не прадалі гэтае масьці за трыста дынараў і не далί ўбогім? 6. А сказаў гэта ня дзéля таго, што ён дбаў пра ўбогіх, але дзеля таго, што быў злодзей і меў (пры сабе) скарбонку, і насіў, што (туды) кідалі. 7. Тады сказаў Ісус: пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахаваньня, 8. бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мянé не заўсёды маеце. 9. І вось даведаўся вялікі натоўп ізь юдэяў, што Ён ёсьць там, і прыйшлі ня тόлькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, якога Ён ускрасіў зь мёртвых. 10. Архірэі ж пастанавілі, каб і Лазара забіць, 11. бо дзеля яго многа юдэяў прыходзілі і верылі Ісусу. 12. Назаўтрае вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ярузалім, 13. узялі пальмовае вецьце і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: Госанна, багаслаўлёны Той, Хто йдзе ў Імя Госпада, Кароль Ізраэляў.    14. Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як ёсьць напісана: 15. ня бόйся, дачка Сыёну! Вось, Кароль твой ідзе, седзячы на маладым асьле асьліцы. 16. І гэтага вучні Ягоныя сьпярша не зразумéлі, але, як Ісус быў услаўлены, тады ўспомнілі, што гэтак было аб Ім напісана, і гэтае зрабілі Яму. 17. Сьведчылі ж (і) людзі, якія былі зь Ім, калі Ён выклікаў Лазара зь ягонай магілы і ўскрасіў яго зь мёртвых. 18. Вось чаму і сустрэў Яго натоўп, бо пачуў (аб) гэтым Ім учыненым Цудзе. 19. Хварысэі ж сказалі міжы сабою: (вы) бачыце, што (вы) нічога не пасьпявáеце! Вось, сьвет пайшоў за Ім.      20. Былі ж некаторыя грэкі сярод тых, што ўзыйшлі, каб пакланіцца ў сьвята. 21. І вось яны падыйшлі да Піліпа, (што быў) з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: пане, (мы) хочам бачыць Ісуса. 22. Піліп прыходзе і кажа Андрэю; і ізноў Андрэй і Піліп кажуць Ісусу. 23. А Ісус адказаў ім, кажучы: прыйшла гадзіна, каб услаўлены быў Сын Чалавечы. 24. Праўду, Праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, яно застаецца адно, а калі памрэ, дае багаты плён. 25. Хто любіць душу сваю, загубіць яе, а хто ненавідзіць душу сваю на сьвеце гэтым, захавае яе ў Жыцьцё Вечнае. 26. Калі хто Мне служыць, (няхай) ідзе за Мною, і дзе Я ёсьць, там і слуга Мой будзе; і калі хто Мне служыць, ушануе яго Айцец (Мой). 27. Цяпер Душа Мая моцна ўсхвалявана; і што Я скажу? Айцец, збаў Мяне ад гэтае гадзіны, але дзеля гэтага Я прыйшоў на гадзіну гэтую. 28. Войча, услаў Імя Тваё! зыйшоў тады Голас зь Неба: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю. 29. Людзі ж, якія стаялі і пачулі, казалі: (гэта) быў гром. Другія казалі: Ангел прамаўляў да Яго.  30. Адказаў Ісус і сказаў: ня дзéля Мяне быў гэты Голас, але дзеля вас. 31. Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе вон. 32. І Я, як буду падняты зь зямлі, усіх прываблю да Сябе. 33. Гэтае ж гаварыў Ён, паказуючы, якою сьмерцяй меўся Ён памерці. 34. Людзі адказалі Яму: мы пачулі з Закону, што Хрыстос жыве вечна; і як Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто ёсьць Ён, Сын Чалавечы? 35. Тады сказаў ім Ісус: яшчэ малы час Сьвятло ёсьць з вамі; хадзіце, пакуль маеце Сьвятло, каб не праглынýла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, (той) ня вéдае, куды йдзе. 36. Пакуль маеце Сьвятло, верце ў Сьвятло, каб (вы) сынамі Сьвятла сталіся. Гэтае сказаў Ісус і, адыйшоўшы, укрыўся ад іх. 37. І (хоць) гэтулькі шмат Цудаў Ён зрабіў перад імі, (яны) ня вéрылі ў Яго: 38. каб было споўнена слова прарока Ісаі, якое (ён) сказаў: Госпадзе! хто паверыў вестцы нашай? і рука Госпадава каму была адкрыта? (Ісая 53,1) 39. Дзеля таго не маглί (яны) верыць, што ізноў сказаў Ісая: 40. (Ён) засьляпіў вочы іхныя, і сэрца іхнае абярнуў у камень, каб (яны) ня ўбáчылі вачыма, і (каб яны не) зразумéлі сэрцам, і (каб яны не)   навярнýліся,   і  (каб)  Я  (не)  аздаравίў  іх.  41. Гэтае сказаў Ісая, калі ўбачыў Славу Ягоную і абвясьціў аб Ім. 42. Аднак нават і з начальнікаў многія ўверылі ў Яго, але дзеля хварысэяў не вызнавалί Яго, каб ня былί (яны) адлучаны ад сынагогі, 43. бо палюбілі балей славу людзкую, чымся Славу Боскую. 44. Ісус жа крычаў і сказаў: хто верыць у Мяне, не ў Мянé верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне. 45. І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. 46. Я Сьвятло прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставáўся ў цемры. 47. І калі хто пачуе Мае Словы і не павéрыць, Я ня суджý яго, бо Я прыйшоў  нé  каб  судзіць  сьвет, але каб ратаваць сьвет. 48. Хто адкідае Мяне і ня прыймáе Слоў Маіх, мае Тое, Што судзіць яго: Слова, Якое Я сказаў, Яно будзе судзіць яго ў апошні дзень; 49. бо Я не ад Сябé сказаў, але Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў Мне Загад, што казаць і што гаварыць. 50. І Я ведаю, што Прыказаньне Ягонае ёсьць Жыцьцё Вечнае. І вось запраўды Я кажу, як сказаў Мне Айцец, так кажу.

Добавить комментарий