Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 15

1. Я ёсьць запраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой ёсьць Вінаградар. 2. Усякую галіну на Мне, якая не даé плоду, Ён адцінае яе; і ўсякую, што дае плод, абчышчае яе, каб больш плоду давала. 3. Вы ўжо чыстыя праз Слова, Якое Я казаў вам. 4. Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня мόжа даваць плоду сама сабою, калі не застаéцца на лазе, так і вы ня (мόжаце даваць плоду), калі не застаéцеся ўва Мне. 5. Я ёсьць Вінаградная Лаза, (а) вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той прыносіць багата Плоду, бо без Мянé ня мόжаце рабіць нічога. 6. Калі хто не застанéцца ўва Мне, (ён) будзе выкінены вон, як галіна, і ссохне; і зьбіраюць іх, і кідаюць у вагонь, і (яны) згараюць. 7. Калі застанецеся ўва Мне, і Словы Мае ў вас застануцца, калі (вы) што захацелі бы, будзеце прасіць, і станецца вам. 8. У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі (вы) прынясецё багаты Плод і будзеце Маімі вучнямі. 9. Як палюбіў Мяне Айцец, і Я  палюбіў  вас,  заставайцеся  ў  Любові Маёй. 10. Калі Запаведзі Мае выпаўніце, заста-нецёся ў Любові Маёй, як (і) Я выпаўніў Прыказаньні Айца Майго і застаюся ў Ягонай Любові. 11. Гэтае сказаў Я вам, каб Радасьць Мая ў вас была, і (каб) Радасьць вашая была поўная. 12. Гэта ёсьць Прыказаньне Маё, каб (вы) любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. 13. Ніхто ня мáе любові большае за тую, як хто паложыць душу сваю за сяброў сваіх. 14. Вы — сябры Мае, калі робіце ўсё, што Я загадваю вам. 15. Я ўжо не назывáю вас слугамі, бо слуга ня вéдае, што робіць гаспадар ягоны, але Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Айца Майго, паведаміў вам. 16. Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы йшлі і прыносілі Плод, і (каб) Плод ваш заставаўся; каб тое, чаго толькі папросіце ў Айца ў Імя Маё, Ён даў вам. 17. Гэтае загадваю вам, каб (вы) любілі адзін аднаго. 18. Калі сьвет вас ненавίдзіць, ведайце, што Мяне перш за вас зьненавідзіў. 19. Калі б (вы) былі ад сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як (вы) не ад сьвéту, але Я выбраў вас са сьвету, затым ненавідзіць вас сьвет. 20. Памятайце Слова, якое Я сказаў вам: слуга ня бόльшы за гаспадара свайго. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё Слова захавалі, і вашае (слова) захаваюць. 21. Але ўсё гэтае зробяць вам з-за Імені Майго, бо ня вéдаюць Таго, Хто паслаў Мяне. 22. Калі б Я ня прыйшόў і не казáў ім, ня мéлі бы грэху; а цяпер ня мáюць адгаворкі ў грэху сваім. 23. Хто Мяне ненавίдзіць, і Айца Майго ненавίдзіць.  24. Калі б Я не зрабίў сярод іх Дзеяў, якіх ніхто іншы не рабίў, ня мелί бы грэху, а цяпер і ўбачылі, і ўзьненавідзілі і Мяне, і Айца Майго. 25. Але каб споўнілася Слова, што напісана ў Законе іхным: зьненавідзілі Мяне бяз прычыны (Пс.69,5). 26. Калі ж прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць аба Мне. 27. І вы таксама сьведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.

Добавить комментарий