Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 3

1. Быў жа із хварысэяў чалавек, начальнік жыдоўскі, імя яму Мікадым. 2. Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў, Вучыцель, бо ніхто ня мόжа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі б ня быў зь ім Бог. 3. Адказаў Ісус і сказаў яму: Праўду, Праўду кажу табе: калі хто ня бýдзе народжаны Звыш, ня мόжа бачыць Гаспадарства Божага. 4. Мікадым кажа Яму: як чалавек можа быць народжаным, будучы стары? Няўжо ён можа другі раз увайсьці ў чэрава маткі сваёй і быць народжаным? 5. Ісус адказаў: Праўду, Праўду кажу табе: калі хто ня бýдзе народжаны ад Вады й Духа, ня мόжа ўвайсьці ў Гаспадарства Божае. 6. Народжанае ад цела ёсьць цела, а народжанае ад Духа ёсьць дух. 7. Ня дзівýйся, што Я сказаў табе: трэба вам быць народжанымі Звыш. 8. Дух дыхае, дзе хоча, і голас Ягоны чуеш, але ня вéдаеш, скуль прыходзе і куды адыходзе: гэтак ёсьць усякі, што народжаны ад Духа. 9. Мікадым адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць? 10. Ісус адказаў і сказаў яму: ты — вучыцель Ізраэлявы, і гэтага ня вéдаеш? 11. Праўду, Праўду кажу табе: Мы кажам Тое, Што Мы ведаем, і Мы сьведчым (пра) Тое, Што Мы бачылі, і вы Сьведчаньня Нашага ня прыймáеце. 12. Калі Я сказаў вам (пра) зямныя, і (вы) ня вéрыце, як паверыце, калі скажу вам (пра) Нябесныя? 13. І ніхто ня ўзыйшόў на Неба, толькі Той, Хто зыйшоў зь Неба, Сын Чалавечы, Які ёсьць на Небе. 14. І, як Масей узьняў гадзюку ў пустэльні, так мусіць быць узьняты Сын Чалавечы,  15. каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў Жыцьцё Вечнае. 16. Бо гэтак палюбіў Бог сьвет, што аддаў (у ахвяру) Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў Жыцьцё Вечнае. 17. Бо не паслáў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб асудзіць  сьвет,  але каб сьвет быў уратаваны празь Яго. 18. Хто верыць у Яго, ня бýдзе асуджаны, а хто ня вéрыць, (той) ужо асуджаны, бо ня ўвéрыў у імя Адзінароднага Сына Божага. 19. Такі ж ёсьць суд, што Сьвятлό прыйшоў у сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за Сьвятло, бо ўчынкі іхныя былі благія. 20. Бо кожны, хто робіць благое, ненавίдзіць Сьвятло і ня йдзé да Сьвятла, каб ня былі раскрытыя ўчынкі ягоныя, (бо яны благія). 21. А хто робіць Праўду, ідзе да Сьвятла, каб відавочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены. 22. Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю юдэйскую; і там быў зь імі і хрысьціў. 23. Быў жа і Яан, каторы хрысьціў у Эноне, недалёка ад Саліму, бо вады там было шмат, і прыходзілі і былі ахрышчаны; 24. бо Яан яшчэ ня быў укінуты ў вязьніцу. 25. І вось узьнялася ў Яанавых вучняў спрэчка з юдэямі аб ачышчэньні.   26. І прыйшлі да Яана і сказалі яму: раббі, Той, Хто быў з табою за Ярданам, пра Якога засьведчыў ты, вось, Ён хрысьціць, і ўсе прыходзяць да Яго. 27. Адказаў Яан і сказаў: ня мόжа чалавек нічога (сам) узяць, калі ня бýдзе дадзена яму зь Неба. 28. Самі вы мне сьведчыце, што  я сказаў: я ня Хрыстόс, але што я пасланы перад Ім. 29. Хто мае нявесту, Той ёсьць Жаніх, а друг Жаніха, што стаіць і слухае Яго, радасьцяй цешыцца з голасу Жаніха. І вось гэтая радасьць мая збылася ў поўні. 30. Ён мае ўзрастаць, а мне меншаць. 31. Хто з Вышынί прыходзе, Той ёсьць над усімі, (а) каторы ёсьць ад зямлі, ён (і) ёсьць ад зямлі, і ад зямлі гаворыць. (А) Хто зь Неба прыходзе, Той ёсьць над усімі, 32. і што Ён бачыў і чуў, (аб) тым сьведчыць,  і  Сьведчаньня  Ягонага  ніхто  ня  прыймáе.  33. Хто прыняў Ягонае Сьведчаньне, той пацьвердзіў, што Бог ― Праўдзівы. 34. Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Боскія, бо ня мéраю даець Бог Духа. 35. Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у Руку Ягоную. 36. Хто верыць у Сына, мае Жыцьцё Вечнае, а хто ня вéрыць Сыну, ня ўбáчыць Жыцьця, але гнеў Божы застаецца на ім.

Добавить комментарий