Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 20

1. У першы ж дзень тыдня раніцай, калі яшчэ было цёмна, Марыля Магдаліна прыходзіць да магілы і бачыць, што камень ад магілы адвалены. 2. Дык яна бяжыць і прыходзіць да Сымона Пётры і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: узялі Госпада з магілы, і ня вéдаем, дзе палажылі Яго. 3. Тады выйшаў Пётра і той другі вучань, і пайшлі да магілы. 4. Беглі ж яны абодва разам, і той другі вучань абагнаў Пётру і прыйшоў да магілы першы 5. і, нахіліўшыся, бачыць: ляжаць ільняныя палотны, але не ўвайшоў. 6. Тады прыходзіць Сымон Пётра, ідучы за ім, і ўвайшоў у магілу, ды бачыць: ляжаць ільняныя палотны 7. і хустка, што была на Галаве Ягонай, ляжыць не зь ільнянымі палотнамі, але асобна скручаная на другім мейсцы. 8. Дык тады ўвайшоў таксама гэты другі вучань, што ўперад прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў. 9. Бо яны яшчэ ня вéдалі Пісаньня, што Ён мусіць уваскрэснуць зь мёртвых. 10. Дык вучні ізноў пайшлі да сябé. 11. А Марыля стаяла звонку ля магілы, (і) плакала; як жа плакала, нахінулася ў магілу. 12. І бачыць двух ангелаў у белым (адзеньні), сядзяць адзін угаловах, а другі ўнагах, дзе ляжáла Цела Ісусава. 13. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго плачаш? яна адказвае ім: бо забралі Госпада майго, і ня вéдаю, дзе палажылі Яго. 14. І, сказаўшы гэтае, абярнулася назад і бачыць, што стаіць  Ісус,  але не пазнáла, што гэта Ісус. 15. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Каго ты шукаеш? Яна, думаючы, што Ён — садоўнік, кажа Яму: пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе (ты) паклаў Яго, і я вазьму Яго. 16. Ісус кажа ёй: Марыля! Яна, паўглядáўшыся, кажа Яму: Раббунί! што значыць Вучыцель! 17. Ісус кажа ёй: не дакранайся (да) Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшόў да Айца Майго, але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і (да) Бога Майго і Бога вашага.       18. Марыля Магдаліна прыходзе, абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і (што) Ён гэта сказаў ёй. 19. Быў жа вечар таго дня, першага дня тыдня, калі дзьверы (дому), дзе сабраліся вучні (Ягоныя), былі запёртыя ад страху (перад) жыдамі, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне і кажа ім: Мір вам! 20. І, сказаўшы гэтае, паказаў ім (Свае) Рукі і Бок Свой. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада. 21. Тады Ісус ізноў сказаў ім: Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец (Мой), гэтак і Я пасылаю вас. 22. І, сказаўшы гэтае, дыхнуў (на іх) і кажа ім: прыйміце Духа Сьвятога. 23. Калі каму даруеце грахі, дараваныя будуць ім; калі на кім пакінеце, (на тым) застануцца. 24. А Хама, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў зь імі, калі прыходзіў Ісус. 25. Пагэтаму другія вучні казалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбáчу на Руках Ягоных раны ад цьвікόў і не ўткну пальца майго ў рану ад цьвікόў, і не ўкладý рукі маёй у Бок Ягоны, не павéру. 26. І пасьля васьмі дзён ізноў былі ўнутры (дома) вучні Ягоныя, і Хама зь імі. Прыходзе Ісус, дзьверы (ж) былі запёртыя, і стануў пасярэдзіне, і сказаў: Мір вам! 27. Потым кажа да Хамы: дай сюды палец твой і паглядзі Рукі Мае; і дай руку тваю, і ўкладзі (яе) у Бок Мой; і ня бýдзь нявéручым, але веручым. 28. І адказаў Хама і сказаў Яму: Госпадзе мой і Божа мой! 29. Ісус кажа яму: Хама, ты паверыў, бо ўбачыў Мяне; шчасьлівыя, што ня бáчылі і паверылі. 30. Сапраўды шмат і другіх Цудаў зрабіў Ісус  перад  вучнямі Сваімі, якія не запίсаны ў кнізе гэтай; 31. Але гэтыя запісаны, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, каб верачы, мелі Жыцьцё ў Імені Ягоным.

Добавить комментарий