Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 14

1. Няхай ня трывόжыцца сэрца вашае; верце ў Бога, і ў Мяне верце. 2. У Доме Айца Майго ёсьць многа Сьвятліц, а калі б ня (гэтак было), Я сказаў бы вам. Іду прыгатаваць вам Мейсца, 3. і калі пайду і прыгатую вам Мейсца, ізноў прыйду і вазьму вас да Сябе, каб дзе Я, і вы былі. 4. І куды Я йду, ведаеце, і Дарогу ведаеце. 5. Кажа Яму Хама: Госпадзе! ня вéдаем, куды йдзеш, і як можам ведаць дарогу? 6. Кажа яму Ісус: Я ёсьць Дарога і Праўда, і Жыцьцё. Ніхто ня прыхόдзе да Айца, калі не цéраз Мяне.         7. Калі б (вы) пазналі Мяне, дык і Айца Майго пазналі бы. І ад цяпéр ведаеце Яго і бачылі Яго. 8. Кажа Яму Піліп: Госпадзе! пакажы нам Айца, і годзе нам. 9. Кажа яму Ісус: ці цéперся Я з вамі, і (ты) не пазнáў Мяне, Піліп? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. І як ты кажаш: пакажы нам Айца? 10. Ты ня вéрыш, што Я ў Айцу, і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, ад Сябе не кажý, але Айцец, Які ёсьць ува Мне, Ён робіць Чыны. 11. Верце Мне, што Я ў Айцу, і Айцец ува Мне; калі ж не, верце Мне па самых Учынках. 12. Праўду, Праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, Учынкі, якія Я раблю, і ён будзе рабіць, дый большыя за гэтыя зробіць, бо Я да Айца Майго йду. 13. І тое, чаго папросіце ў Імя Маё, тое Я зраблю, каб быў услаўлены Айцец у Сыне. 14. Калі чаго папросіце ў Імя Маё, Я зраблю. 15. Калі любіце Мяне, Запаведзі Мае споўніце. 16. І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Суцяшальніка, каб быў з вамі на векі, 17. Духа Праўды, Якога сьвет ня мόжа прыняць, бо ня бáчыць Яго, і ня вéдае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі ёсьць, і ў вас будзе. 18. Не пакіну вас сіротамі: прыйду да вас. 19. Яшчэ трохі, і сьвет Мяне больш ня ўбáчыць, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. 20. У той дзень вы пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. 21. Той, хто мáе Запаведзі Маé і выпаўняе Іх, ён ёсьць той, хто любіць Мяне, а той, хто любіць Мяне, будзе палюблены Айцом Маім, і Я палюблю яго, і зьяўлюся яму Сам.         22. Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: Госпадзе, што (гэта) сталася, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвéту? 23. Адказаў Ісус і сказаў яму: калі хто любіць Мяне, споўніць Слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім Сялібу ў яго.        24. Хто ня любіць Мяне, не выпаўняе Словаў Маіх; а Слова, якое (вы) чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, Які паслаў Мяне. 25. Гэтае сказаў Я вам, будучы з вамі. 26. Суцяшальнік жа, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у Імя Маё, Ён навучыць вас усяго і напомніць вам усё, што Я сказаў вам. 27. Мір пакідаю вам, Мір Мой даю вам; ня тáк, як сьвет дае, Я даю вам (Мір Мой). Няхай ня трывόжыцца сэрца вашае і не баίцца. 28. Вы пачулі, што Я сказаў вам: адыходжу (ад вас) і прыходжу да вас. Калі (б) вы любілі Мяне, (вы) радаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца, бо Айцец Мой ёсьць большы за Мяне. 29. І Я сказаў вам цяпéр, перш, чым сталася, каб (вы) паверылі, як станецца. 30. Ужо ня дόўга Я буду гаварыць з вамі, бо прыходзе князь гэтага сьвету і ўва Мне ня мáе нічога. 31. Але, каб сьвет пазнаў, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне Айцец, так раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.

Добавить комментарий