Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Сравнительно недавно была завершена работа по переводу Евангелия от Иоанна на белорусский язык в его дореформенном стиле правописания. Группа переводчиков любезно предоставила этот текст для размещения на нашем сайте.

СЬВЯТОЕ ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЯАНА

НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ З ГРЭЦКАГА ТЭКСТУ ПЕРАКЛАЛІ:

ЭРНСТ САБІЛА, СЯРГЕЙ МАЛАХАЎ

chr-cross

ПРАДМОВА

Апошнім часам зьявілася ў друку шмат духова пашкоджанай літаратуры і нават духова пашкоджанага Сьвятога Пісаньня — Бібліі.

Мы прааналізавалі навуковыя сьведчаньні і зрабілі выснову, што духова не пашкоджанай версіяй Сьвятога Пісаньня зьяўляецца Прыняты Тэкст альбо Textus Receptus.

Зрабіўшы пераклад з арыгіналу мы з радасьцю падаём чытачу беларусу Хлеб Жыцьця, Які зыйшоў зь Неба, пра Які распавёў нам Сьвяты Апостал Яан.

 

Разьдзел 1

1. На пачатку быў Слова, і Слова быў з Богам, і Гэты Слова быў Бог. 2. Ён быў у Бога на пачатку. 3. Усё празь Яго сталася, і безь Яго нічога ня стáлася (з таго), што сталася. 4. У Ім Жыцьцё было, і Жыцьцё было Сьвятлом людзей. 5. І Сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не  праглынýла  Яго.  6. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае Яан. 7. Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе паверылі празь Яго. 8. Ня быў ён Сьвятлом, але каб сьведчыць пра Сьвятло. 9. (Бо) у сьвет ужо прыйшоў Сьвятло  Сапраўдны, Які прасьвятляе ўсякага чалавека. 10. Ён (ужо) быў на сьвеце, і сьвет празь Яго стаўся, але сьвет Яго не пазнáў. 11. Ён прыйшоў да сваіх, але свае Яго ня прынялі. 12. А ўсім тым, (што) прынялі Яго, даў Ён ім уладу дзяцьмі Боскімі стацца, тым, (якія) вераць у Імя Ягонае, 13. каторыя не ад крывί, ані ад жаданьня цела, ані ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.    14. І Слова Целам стаўся і жыў між нас, — і (мы) бачылі Славу Ягоную, Славу як Адзінароднага ад Айца, — поўны Багадаці і Праўды. 15. Яан сьведчыць аб Ім і закрычаў, кажучы: Гэты быў Той, пра Якога я запэўніў: Той, Хто пасьля мяне йдзе, Ён наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў. 16. І ад Поўнасьці Ягонай ўсе мы атрымалі і Багадаць з прычыны Божай Любові; 17. бо Закон быў дадзены праз Масея, Багадаць і Праўда сталіся празь Ісуса Хрыста. 18. Бога ня бáчыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ёсьць ва Ўлоньні Айца, Ён зьявіў. 19. І гэта ёсьць сьведчаньне Яанава, калі юдэі паслалі зь Ярузаліму сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты ёсьць? 20. І (ён) вызнаў, і ня зрόкся, і вызнаў: я — ня Хрыстόс. 21. І спыталіся (ў) яго: дык хто ж? няўжо ты Ільля? І кажа:(я) — не. Няўжо ты прарок? І (ён) адказаў: не. 22. Дык сказалі яму: хто ж (ты)? Каб мы далі адказ тым, (што) нас паслалі: што (ты) кажаш пра самога сябе? 23. Ён сказаў: я голас крычачага ў пустэльні: прастуйце шлях Госпада, як сказаў прарок Ісая (Ісая 40,3).   24. А гэтыя пасланыя былі ад хварысэяў.  25. І (яны) спыталіся (ў) яго, і сказалі яму: дык што ж (ты) хрысьціш, калі ты ня Хрыстόс, ані Ільля, ані прарок? 26. Яан адказаў ім, кажучы: я хрышчу ў вадзе, але стаіць сярод вас Той, Якога вы ня вéдаеце; 27. Ён ёсьць Той, Хто йдзе за мною, Які наперадзе мяне быў; Яго я ня вáрты, каб разьвязаць Яму рамень абуцьця (Ягонага). 28. Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе Яан быў хрысьціў. 29. На другі дзень бачыць Яан Ісуса, ідучага да яго, і кажа: вось Ягняк Божы, Каторы бярэ (на Сябе) грэх сьвету. 30. Ён ёсьць Той, пра Якога я сказаў: ідзе за мною Муж, Які стаў наперадзе мяне, бо раней за мяне быў; 31. і я ня вéдаў Яго, але, каб Ён быў выяўлены Ізраэлю, дзеля таго я прыйшоў, хрысьцячы ў вадзе. 32. І сьведчыў Яан, кажучы: (я) бачыў: Дух  зыходзіў зь Неба (на Яго), як галуб, і Ён (Дух) застаўся на Ім. 33. І я ня вéдаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, Ён сказаў мне: калі на Каго ўгледзіш: Дух зыходзіць і застаеццая на Ім, Гэты ёсьць Той, Хто Духам Сьвятым хрысьціць. 34. І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён ёсьць Сын Божы. 35. На другі дзень ізноў стаяў Яан і двое з вучняў ягоных. 36. І, угледзіўшы, (што) ідзе Ісус, кажа: вось Ягняк Божы. 37. І пачулі яго, (што гэтае) гаворыць, двое вучняў (ягоных) і пайшлі за Ісусам. 38. Абярнуўшыся ж Ісус і ўбачыўшы іх, (што яны) ідуць усьлед (за Ім), кажа ім: Каго шукаеце? Яны ж адказалі Яму: Раббі, — што значыць (у) перакладзе: Вучыцелю, — дзе жывеш? 39. Кажа ім: прыйдзіце і ўбачыце. (Яны) пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго гэты дзень. Было ж каля дзесятае гадзіны. 40. Андрэй, брат Сымона Пётры, быў адзін із двух, што пачулі ад Яана і пайшлі ўсьлед за Ім. 41. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію, што ёсьць у перакладзе Хрыстос. 42. І прывёў яго да Ісуса. Глянуўшы ж (на) яго, Ісус сказаў: ты — Сымон, сын Ёнін, ты назавешся Кіфа, што перакладаецца Пётра. 43. Назаўтрае Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною. 44. Быў жа Піліп з Бэтсаіды, зь места Андрэявага і Пётравага. 45. Піліп знаходзіць Натанайлу і кажа яму: мы знайшлі Ісуса, Сына Язэпавага з Назарэту, пра Каго напісаў Масей у Законе і прарокі. 46. І сказаў яму Натанайла: (ці) можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды глянь. 47. Ісус убачыў Натанайлу, (што) ідзе да Яго, і кажа пра яго:  вось,  запраўды,  ізраэлянін, у якім няма хітрыні. 48. Натанайла кажа Яму: скуль Ты ведаеш мяне? Ісус адказаў і сказаў яму: перш, чым паклікаў цябе Піліп, як (ты) быў пад смоквай, Я бачыў цябе. 49. Натанайла адказаў і гаворыць Яму: Раббі! Ты ёсьць Сын Божы! Ты ёсьць Кароль Ізраэляў!  50. Ісус адказаў і сказаў яму: (ты) верыш таму, што Я сказаў табе, (што) бачыў цябе пад смоквай; (ты) убачыш больш гэтага! 51. І кажа яму: Праўду, Праўду Я кажу вам: адгэтуль убачыце: (як) Неба адчынілася, і ангелы Божыя узыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага.

Добавить комментарий