Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 10

1. Праўду, Праўду кажу вам: хто не Дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік. 2. А хто ўваходзіць Дзьвярыма, той пастыр авечак, 3. яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі голас ягоны слухаюць, і (ён) кліча авечкі свае па імені і выводзіць іх; 4. і калі (ён) свае авечкі вывядзе, перад імі йдзе, і авечкі йдуць за ім, бо ведаюць голас ягоны; 5. за чужым жа ня пόйдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня вéдаюць чужога голасу. 6. Гэту прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны не зразумéлі, што (гэта) было, аб чым Ён гаварыў ім. 7. І вось ізноў сказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам, што Я ёсьць Дзьверы авечак. 8. Усе, колькі (іх) перада Мною ні прыходзіла, ёсьць зладзеі ды разбойнікі, але авечкі не паслýхалі іх. 9. Я ёсьць Дзьверы; калі хто ўвойдзе празь Мяне, збавёны будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе. 10. Злодзей ня прыхόдзе калі не каб укрáсьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб Жыцьцё мелі, і мелі з наддаткам. 11. Я ёсьць Пастыр Добры: Пастыр Добры Жыцьцё Сваё аддае за авечкі, 12. а найміт, і ня бýдучы пастырам, каму авечкі не сваé, бачыць прыходзячага ваўка і пакідае авечкі і ўцякáе: і воўк хапае іх і разганяе авечкі. 13. А найміт уцякáе, бо (ён) ёсьць найміт, і ён ня турбýецца пра авечкі. 14. Я ёсьць Пастыр Добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне. 15. Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і Жыцьцё Маё аддаю за авечкі. 16. І іншых авечак Я маю, што ня ёсьць з гэтага двара, і гэных Мне трэба прывесьці, і Голас Мой (яны) пачуюць. І станецца адно стада, (і) адзін Пастыр. 17. За тое Айцец любіць Мяне, што Я кладу Жыцьцё Маё, каб ізноў узяць яго. 18. Ніхто не адыймáе яго ў Мяне, але Я Сам аддаю яго: Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ізноў узяць яго. Гэты Загад Я дастаў ад Айца Майго. 19. Тады ізноў ад гэтых словаў была спрэчка між жыдамі. 20. І многія зь іх казалі: Ён мае дэмана і шалее: што (вы) слухаеце Яго? 21. Другія казалі: гэтыя словы ня ёсьць апанаванага дэманам, ці можа дэман ад-чыняць сьляпым вочы? 22. І было сьвята абнаўленьня ў Ярузаліме, і была зіма. 23. І хадзіў Ісус у Сьвятыні, у Салямонавым крытым ходзе з калёнамі. 24. Абступілі тады Яго жыды і казалі Яму: дакуль будзеш трымаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты ёсьць Хрыстос, скажы нам проста. 25. Адказаў ім Ісус: Я сказаў вам, і (вы) ня вéрыце; Чыны, што Я раблю ў Імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне. 26. Але вы ня вéрыце, бо вы не з Маίх авечак, як Я сказаў вам.     27. Авечкі Мае слухаюць Голас Мой, і Я ведаю іх, і яны йдуць за Мною, 28. і Я даю ім Жыцьцё Вечнае, і не загίнуць (яны) ніколі, і ніхто ня вырве іх із Рукі Маёй. 29. Айцец Мой, Які даў (іх) Мне, вялікшы (за) ўсіх, і ніхто ня мόжа вырваць (іх) із рукі Айца Майго. 30. Я і Айцец ёсьць Адно. 31. Тады жыды   ізноў   схапілі   каменьні,   каб  укаменаваць  Яго.  32. Адказаў ім Ісус: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго, за каторы (з) гэтых учынкаў камянуеце Мяне? 33. Адказалі Яму жыды, кажучы: за добры ўчынак не камянýем Цябе, але за блюзьнерства, ды што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам. 34. Адказаў ім Ісус: ці не напίсана ў Законе вашым: Я сказаў: вы ёсьць багі? 35. Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было Слова Боскае, дый ня мόжа быць парушана Пісаньне, 36. Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: блюзьніш, што Я сказаў: Я ёсьць Сын Божы? 37. Калі Я не раблю Чыны Айца Майго, ня вéрце Мне, 38. калі ж Я раблю, і калі Мне ня вėрыце, паверце гэтым Учынкам, каб ведалі і ўверылі, што Айцец ува Мне, і Я ў Ім. 39. Тады ізноў шукалі ўхапіць Яго, але Ён выйшаў з рукі іхнай 40. і пайшоў ізноў за Ярдан, на мейсца, дзе быў Яан раней хрысьцячы, і застаўся там. 41. І многія прыйшлі да Яго і казалі, што хоць Яан не зрабίў ніякага цуду, але ўсё, што сказаў Яан аб Ім, было праўдзівае. 42. І многія там уверылі ў Яго.

Добавить комментарий