Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 17

1. Гэтае сказаў Ісус і падняў вочы Свае да Неба і сказаў: Ойча! надыйшла гадзіна: услаў Сына Твайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе; 2. бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён усім, якіх Ты даў Яму, даў    бы ім Жыцьцё Вечнае. 3. Гэтае ж Жыцьцё Вечнае ёсьць (у тым), каб пазналі Цябе, Адзінага Сапраўднага Бога і Ісуса Хрыста, Якога Ты паслаў. 4. Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў Справу, якую Ты даў Мне, каб Я зрабіў. 5. І цяпер услаў Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога тэй Славаю, якую Я меў у Цябе раней існаваньня сьвету. 6. Я зрабіў вядόмым Імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; (яны) былі Твае, і Ты іх даў Мне, і (яны) захавалі Слова Тваё. 7. Цяпер уразумелі (яны), што ўсё, што Ты даў Мне, ёсьць ад Цябе. 8. Бо Словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі, і правільна ўразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў. 9. Я за іх прашу, не за (ўвéсь) сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны — Твае. 10. І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўславіўся. 11. І Я ўжо — не на сьвéце, але яны — на сьвеце, Я ж да Цябе іду. Войча Сьвяты! Захавай іх у Імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб (яны) былі адно, як (і) Мы.      12. Калі Я быў на сьвеце зь імі, Я захоўваў іх у Імя Тваё, тых, якіх Ты даў Мне, Я зьбярόг, і ніхто зь іх не загίнуў, апрача сына загубы, каб збылося Пісаньне (Пс.109,17). 13. Цяпéр жа да Цябе іду і гэтае кажу на сьвеце, каб (яны) мелі Радасьць Маю поўную ў сабе.   14. Я перадаў ім Слова Тваё, і сьвет зьненавідзіў іх, бо яны — не ад сьвéту, як і Я — не ад сьвéту. 15. Я не прашý, каб Ты ўзяў іх ізь сьвету, але каб захаваў іх ад зла. 16. Яны — не ад сьвéту, як і Я — не ад сьвéту.    17. Асьвяці іх у Праўдзе Тваёй: Слова Тваё ёсьць Праўда. 18. Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, гэтак і Я паслаў іх у сьвет. 19. І за іх Я пасьвячаю  Сябе,  каб  і яны былі пасьвенчаны Праўдаю. 20. Не за іх жа толькі прашу, але й за тых, што будуць верыць у Мяне па слову іхнаму. 21. Каб усе былі адно: як Ты, Айцец, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб уверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. 22. І Славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як Мы — Адно. 23. Я ў іх, і Ты ўва Мне; каб былі злучаны ў адно, і каб сьвет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. 24. Войча! каго Ты Мне даў, хачу, каб і яны былі са Мною, там, дзе Я, каб бачылі Славу Маю, якую Ты Мне даў, бо палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету. 25. Войча Справядлівы! і сьвет Цябе не пазнáў, але Я пазнáў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне. 26. І Я адкрыў ім Імя Тваё і (больш) адкрыю, каб Любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Добавить комментарий