Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 13

1. А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная, каб перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы Сваіх, што на сьвеце, да канца палюбіў іх. 2. І вячэра скончана. Д’ябал ужо ўлажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб прадаць Яго, 3. Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў Яму ў Рукі (Ягоныя), і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога йдзе, 4. устае ад вячэры і здымае (зь Сябе) верхнюю вопратку, і, узяўшы рушнік, падперазаў Сябе. 5. Пасьля налівае вады ў умывальніцу, і пачаў абмываць ногі вучням (Сваім) і выціраць рушніком, якім быў аперазаны. 6. Тады падыходзе да Сымона Пётры, і той кажа Яму: Госпадзе! Ты мне абмываеш ногі? 7. Адказаў Ісус і сказаў яму: што Я раблю, ты цяпер ня вéдаеш, але даведаешся пасьля гэтага. 8. Пётра кажа Яму: ня ўмыеш ног маіх ніколі. Ісус адказаў яму: калі ня ўмыю цябе, ня мáеш часьці са Мною. 9. Сымон Пётра кажа Яму: Госпадзе! ня тόлькі ногі мае, але й рукі, і галаву. 10. Ісус кажа яму: абмытага нямá патрэбы (мыць), а толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсé. 11. Бо Ён ведаў, хто прадае Яго, пагэтаму (і) сказаў: ня ўсé вы чыстыя. 12. Калі ж Ён абмыў ім ногі і апрануў Сваю верхнюю вопратку, супачыўшы ізноў, спытаў іх: (ці) ведаеце, што (гэта) Я зрабіў вам? 13. Вы называеце Мяне: Вучыцель і Госпад, і правільна кажаце, бо Я ёсьць (такі). 14. І вось калі Я, Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму, 15. бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі. 16. Праўду, Праўду кажу вам: слуга ня бόльшы за гаспадара свайго, і пасланец ня бόльшы (за) таго, хто паслаў яго. 17. Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэтае робіце. 18. Не аб усіх вас кажу: Я ведаю, каго выбраў. Але каб выпаўнілася Пісаньне: той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю (Пс.41,10). 19. Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, як станецца, (вы) паверылі, што Я ёсьць (Ён). 20. Праўду, Праўду кажу вам: хто прыймае ўсякага, (каго) Я пашлю, Мяне прыймае, а хто прыймае  Мяне,  прыймае  Таго,  Хто  паслаў  Мяне. 21. Сказаўшы гэтае Ісус глыбока засумаваў духам і засьведчыў, і сказаў: Праўду, Праўду кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне. 22. Тады вучні пазіралі адзін на аднаго, сумняваючыся, аб кім Ён гаворыць. 23. Быў жа ляжаў ля грудзёў Ісусавых адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў. 24. Тады Сымон Пётра ківае яму, (каб) папытаўся, хто б гэта быў, аб кім Ён гаворыць. 25. І той, прыпаўшы да грудзёў  Ісусавых,  кажа  Яму:  Госпадзе! хто ёсьць гэты? 26. Адказвае Ісус: гэты ёсьць той, каму Я дам, абмачыўшы, кавалак хлеба. І, абмачыўшы кавалак хлеба, дае Юдзе Сымонаву Іскарыёту. 27. І тады, пасьля гэтага кавалка хлеба, увайшоў у яго шатан. І вось кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.  28. Але ніхто зь ляжачых не зразумéў, дзеля чаго Ён сказаў яму гэтае. 29. А як Юда меў скарбонку, дык некаторыя думалі, што кажа яму Ісус: купі, (у) чым маем патрэбу да сьвята, альбо, каб даў нешта ўбогім.   30. Тады, узяўшы кавалак хлеба, ён зараз выйшаў; а была ноч. 31. Калі (ён) выйшаў, Ісус кажа: цяпер услаўлены Сын Чалавечы, і Бог услаўлены ў Ім. 32. Калі Бог услаўлены ў Ім, дык Бог уславіць і Яго ў Сабе, і неўзабáве ўславіць Яго. 33. Дзеці! яшчэ нядόўга Я ёсьць з вамі: Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў юдэям: куды Я йду, вы ня мόжаце прыйсьці, так кажу цяпер і вам. 34. Я даю вам новае Прыказаньне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы, каб любілі адзін аднаго. 35. Па гэтым пазнаюць усе, што (вы) ёсьць Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго. 36. Кажа Яму Сымон Пётра: Госпадзе! куды Ты йдзеш? Адказаў яму Ісус: куды Я йду, ты ня мόжаш цяпéр за Мною пайсьці; але потым пойдзеш за Мною. 37. Кажа Яму Пётра: Госпадзе! чаму я не магý пайсьці за Табою цяпéр? Я душу маю палажу за Цябе. 38. Адказаў яму Ісус: душу тваю за Мяне паложыш? Праўду, Праўду кажу табе: не прапяе певень, як ты адрачэшся ад Мяне тройчы.

Добавить комментарий