Евангелие от Иоанна на белорусском языке — Сьвятое Эвангельле паводле Яана

Разьдзел 16

1. Гэтае сказаў Я вам, каб ня былі спакушаны. 2. Выключаць вас із сынагогаў, а прыходзе гадзіна, калі кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, (што гэтым ён) служыць Богу. 3. І гэтае будуць рабіць вам, бо не пазнáлі ані Айца, ані Мяне. 4. Але гэтае сказаў Я вам, каб, калі прыйдзе той час, (вы) прыпомнілі Тое, Што Я сказаў вам; а гэтага Я вам ад пачатку не сказáў, бо быў з вамі. 5. А цяпер Я йду да Паслаўшага Мяне, і ніхто з вас ня пытáецца ў Мяне: куды йдзеш? 6. Але ад таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў сэрца вашае. 7. Але Я Праўду кажу вам: лепéй вам, каб Я адыйшоў, бо калі Я не пайдý, Суцяшальнік ня прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас. 8. І, прыйшоўшы, Ён карыцімець сьвет у грэху і ў справядлівасьці, і ў судзе; 9. у грэху, бо ня вéраць у Мяне; 10. у справядлівасьці ж, бо Я йду да Айца Майго, і ўжо ня ўбáчыце Мяне; 11. у судзе ж, бо князь сьвету гэтага асуджаны. 12. Яшчэ многа маю казаць вам, але (вы) цяпер ня здόлееце панесьці. 13. Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, Ён прывядзе вас да ўсяе Праўды, бо не ад Сябé казаць будзе, але будзе казаць Тое, Што пачуе, і Тое, Што надыходзіць, абвесьціць вам. 14. Ён уславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць. 15. Усё, Што мáе Айцец, ёсьць Маё; пагэтаму Я (і) сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам. 16. (Яшчэ) крыху і ня бýдзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне, бо Я йду да Айца. 17. Сказалі тады (некатόрыя) з вучняў Ягоных адзін аднаму: што ёсьць гэта, што Ён кажа нам: (яшчэ) крыху і ня бýдзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне, дый: Я йду да Айца. 18. І вось (яны) казалі: што гэта ёсьць, што Ён кажа: (яшчэ) крыху? Ня вéдаем, што кажа. 19. Пазнаў тады Ісус, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб тым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: (яшчэ) крыху і ня бýдзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне? 20. Праўду, Праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет будзе радавацца; вы ж сумныя будзеце, але сум ваш у радасьць абернецца. 21. Жанчына, калі родзіць, тужыць, што прыйшла яе гадзіна, калі ж уродзіць дзіця, ужо не памятáе аб горы ад радасьці, бо народжаны чалавек на сьвет. 22. Вось гэтак і вы цяпéр тужыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і Радасьці вашай ніхто не забярэ ў вас. 23. І ў той дзень ня бýдзеце пытацца ў Мяне ні аб чым. Праўду, Праўду кажу вам, што, аб чым папросіце Айца ў Імя Маё, дасьць вам. 24. Дагэтуль (вы) нічога не прасίлі ў Імя Маё; прасіце і дастанеце, каб Радасьць ваша была поўная. 25. Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надыходзіць гадзіна, калі ўжо ня бýду гаварыць вам прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам пра Айца. 26. У той дзень будзеце прасіць у Імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас, 27. бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога. 28. Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет, (і) зноў пакідаю сьвет ды йду да Айца. 29. Кажуць Яму вучні Ягоныя: вось цяпер Ты проста гаворыш і прыповесьці ня кáжаш ніякае.    30. Цяпер (мы) ведаем, што Ты ведаеш усё і ня мáеш патрэбы, каб хто ў Цябе пытаўся. Пагэтаму верым, што Ты ад Бога зыйшоў. 31. Адказаў ім Ісус: цяпéр верыце? 32. Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, так што (вы) расьцярушыцеся кожны ў свой (бок), і Мяне аднаго пакінеце; але Я не адзίн, бо Айцец ёсьць са Мною. 33. Гэтае сказаў Я вам, каб (вы) ува Мне Мір мелі. На сьвеце гора мець будзеце, але будзьце адважныя: Я перамог сьвет.

Добавить комментарий